Быў. Ёсць. Буду.
Уладзімір Караткевіч

Быў. Ёсць. Буду.


Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двухногіх...

Родныя Уладзіміра Караткевіча: цётка Яўгенія Васілеўна, бацька Сямён Цімафеевіч, дзед Васіль Юллянавіч Грынкевіч, маці Надзея Васілеўна, сястра Наталля і брат Валерый. 1928 г.
Продкі Караткевіча былі шляхецкага саслоўя і паходзілі з беларускага Падняпроўя, з Рагачова, Мсціслава, Магілёва і іншых гарадоў. Адзін са сваякоў пісьменніка па матчынай лініі, паводле сямейнай легенды — Тамаш Грыневіч, браў удзел у паўстанні 1863—1864 гадоў. Паўстанцы пад яго камандаваннем былі разбіты, а яго самога расстралялі ў Рагачове. Гэтую гісторыю Караткевіч апісаў у эпілогу рускамоўнай аповесці «Перадгісторыя», і ў пралогу рамана «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»).

Нарадзіўся 26 лістапада 1930 годзе ў горадзе Оршы Віцебскай вобласці ў сям’і інтэлігентаў. Бацька — Сямён Цімафеевіч (1887—1959), закончыў гарадское вучылішча ў Оршы, яшчэ падлеткам сам зарабляў сабе на жыццё, працаваў у казначэйстве, служыў у царскай арміі пісарам, пасля працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці — Надзея Васілеўна (1893—1977), з роду Грынкевічаў, пасля заканчэння Марыінскай гімназіі ў Магілёве некаторы час працавала настаўніцай у сельскай школе пад Рагачовам, пасля выхаду замуж занялася хатняй гаспадаркай. Маці добра ведала сусветную літаратуру. У сям’і было трое дзяцей — Уладзімір, яго старэйшы брат Валерый (1918 — загінуў у 1941 годзе), старэйшая сястра Наталля (у шлюбе — Кучкоўская; 1922—2003).
Гады вайны і пасляваенны час
Вайна застала ў Маскве, куды пасля заканчэння школы паехаў да сястры, якая там вучылася. Трапіў у эвакуацыю ў Разанскую вобласць, потым на Урал у Молатаўскую (Пермскую) вобласць. Рабіў спробы ўцячы на фронт. Праз пэўны час высветлілася, што бацькі Уладзіміра змаглі эвакуіравацца і жылі ў горадзе Чкалаве (Арэнбургу). Туды ж дабралася і сястра. Толькі ў жніўні 1943 годзе яна змагла прывезці Валодзю да бацькоў у Арэнбург, дзе ён скончыў 6 класаў. У кастрычніку 1941 годзе на фронце загінуў старэйшы брат Валодзі Валерый. Жонку Валерыя Вольгу, якая заставалася на захопленай нямецкімі войскамі тэрыторыі, загубілі акупанты. Летам 1944 года пасля вызвалення савецкімі войскамі Кіева Уладзімір Караткевіч разам з маці на некаторы час пераехалі у горад да сваякоў. Восенню 1944 года сям’я вярнулася ў Оршу.

У другой палове 1940-х гадоў Уладзімір працягваў навучанне ў школе. Яго школьны сябар, Леанід Крыгман, адзначаў, што Уладзімір у свае 14 гадоў валодаў энцыклапедычнымі ведамі па літаратуры і гісторыі. У час вучобы ў старэйшых класах сярэдняй школы Уладзімір Караткевіч аддаваў даніну літаратурнай творчасці — пісаў навелы, апавяданні, літаратуразнаўчыя артыкулы. У пасляваенныя гады Уладзімір, аршанскі школьнік, змясціў на старонках рукапіснага часопіса «Званочак» некалькі сваіх вершаў, а таксама першую сваю прыгодніцкую аповесць «Загадка Неферціці». Акрамя таго ім быў напісаны шэраг апавяданняў і артыкулаў. Яшчэ ў восьмым класе ён ужо амаль цалкам напісаў першы варыянт п’есы «Млын на Сініх Вірах» (пастаўленая ў 1959 годзе)
У 1949 годзе Уладзімір Караткевіч закончыў сярэднюю школу і паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, які скончыў у 1954 годзе. Пазней у ім жа скончыў аспірантуру. За гады вучобы выявіў сябе адным з найбольш здольных студэнтаў, шмат чытаў — у кола яго чытацкіх інтарэсаў уваходзілі творы класікаў сусветнай літаратуры, украінскіх, расійскіх, польскіх, беларускіх аўтараў. Цікавіўся ён не толькі літаратурай, але і гісторыяй, у першую чаргу Беларусі. Пазнаёміўся са шматлікімі выданнямі, прысвечанымі нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863—1864 гадоў.

Уладзімір Караткевіч у студэнцкія гады
"Я ехаў з губернскага горада М. у самы глухі куток губерні на наёмным вазку, і мая экспедыцыя падыходзіла да канца. Заставалася яшчэ якія тыдні два начаваць у адрынах або проста ў вазку пад зорамі, піць з крыніц ваду, ад якой шчыміць лоб, слухаць працяглыя, як беларускае гора, песні баб на прызбах. А гора ў той час хапала: падыходзілі да канца праклятыя васьмідзесятыя гады.
Не думайце, аднак, што мы ў той час толькі і рабілі, што крычалі і пыталі мужыка: "Чаго бяжыш, мужычок?" і "Ты проснешься ль, исполненный сил?"
Гэта прыйшло пазней - сапраўдныя пакуты за народ. Чалавек, як вядома, найбольш сумленны да дваццаці пяці год, у гэты час ён арганічна не выносіць несправядлівасці, але моладзь занадта прыслухоўваецца да сябе, ёй нова і цікава глядзець, як новымі думкамі і пачуццямі (яна ўпэўнена, што такога не думаў і не адчуваў ніхто) рунее душа.
І толькі потым прыходзяць бяссонныя ночы над шматком газеты, на якім надрукавана такімі ж літарамі, як і ўсё, што сёння ўзвялі на шыбеніцу трох, разумееце, трох, жывых і вясёлых. Потым прыходзіць і жаданне ахвяраваць сабою. Усе мы, і я ў тым ліку, прайшлі праз гэта." 

"Дзікае паляванне караля Стаха"

Уладзімір Караткевіч з’яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Ён плённа выкарыстоўваў у сваёй творчасці здабыткі сусветнай культуры, і адначасова быў глыбока нацыянальным творцам, выказваючы адмысловую прыхільнасць да фальклору і гістарычных сюжэтаў (вершы «Машэка», «Матчына душа», «Паўлюк Багрым»). У «Баладзе пра Вячка, князя простых людзей» (1957) пісьменнік звярнуўся да вобраза князя Вячкі, які ў першай палове XIII ст. змагаўся супраць нямецкіх рыцараў. У баладзе князь паказаны як сапраўдны патрыёт сваёй бацькаўшчыны. Нават параненым, ён біўся супраць мноства ворагаў і загінуў у баі. Ідэя самаахвярнай барацьбы характэрна для творчасці Караткевіча.
Груша цвіла апошні год.
Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кіпела, млела і раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы і распасцірала ў яго ззянні маленькія, кволыя пальцы новых парасткаў. І была яна такая магутная і свежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым раі пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе канца.
І, аднак, надыходзіла яе апошняя часіна.
Дняпро падбіраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнік. У вечным сваім імкненні скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусім блізка да яго, руйнаваў адхоны, зносіў, каб пасадзіць у другім месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкі берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлі. Потым адступаў, да наступнай вясны, і трава літасціва спяшалася залячыць раны, нанесеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў і з часам абкружыў грушу амаль з усіх бакоў.


Уладзімір Караткевіч
пісьменнік
Малюнак на адвароце першай старонкі рукапісу рамана «Каласы пад сярпом тваім» і аўтограф першай старонкі рамана, 1960-я гады.
Адным з найбольш значных для беларускай літаратуры твораў з’яўляецца раман «Каласы пад сярпом тваім». У гэтай кнізе, якую многія называюць галоўнай у творчасці пісьменніка, узноўленая шырокая панарама жыцця народа, перададзена атмасфера ў грамадстве напярэдадні паўстання. Падзеі рамана адбываюцца пераважна ў 1850—1861 гадах, тым не менш пісьменніку ўдалося пры дапамозе ўласных разважанняў і выказванняў герояў ахапіць у ім падзеі амаль цэлага стагоддзя і ў цэлым асэнсаваць лёс Беларусі ў гістарычным кантэксце. Аўтару ўдалося адзначыць прычыны паўстання і яго асаблівасці. Караткевіч паказаў, што яно мела нацыянальна-вызваленчы характар.

У канцы 1960-х гг. Уладзімір Караткевіч пазнаёміўся з будучай жонкай Валянцінай Браніславаўнай Нікіцінай, якая стала надзейнай апорай у яго жыцці, спрыяла творчым пошукам пісьменніка. Яна была гісторыкам, кандыдатам навук. Да знаёмства з Караткевічам Валянціна Браніславаўна працавала выкладчыцай у Брэсцкім педінстытуце. Пераехаўшы ў Мінск, была навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі, займалася пытаннямі традыцыйнай нацыянальнай культуры, шмат ездзіла па Беларусі ў этнаграфічныя экспедыцыі, дзе яе часта суправаджаў муж. За ўдзел у падрыхтоўцы «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» Валянціна Браніславаўна (пасмяротна) разам з іншымі аўтарамі была ў 1990 г. узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй БССР.

Уладзімір Караткевіч любіў вандраваць. Напэўна, можна сказаць, што ён аб’ездзіў усю Беларусь. («Люблю ўсе месцы на Беларусі. Ведаю таксама ўсе.»). Пабываў у многіх мясцінах Савецкага Саюза, у Польшчы, разам з жонкай па запрашэнні славацкіх калег некалькі разоў наведаў Чэхаславакію, застаўся пад вялікім уражаннем ад яе прыроды, памятных мясцін. У такіх паездках ён найперш удзяляў увагу назіранням над людзьмі, самымі разнастайнымі праявамі іх жыцця, збіраў вобразы для будучых твораў.
Уладзімір Караткевіч
«Жыццё прыдумаць нельга. Яго можна толькі ўзнавіць»
Уладзімір Караткевіч стаў адным з духоўных сімвалаў сучаснага беларускага адраджэння. Яго актыўная жыццёвая пазіцыя, сумленне патрыёта і грамадзяніна, якога больш за ўсё хваляваў лёс беларускага народа, выклікалі часам крытычнае стаўленне і незадавальненне ідэалагічных «ахоўнікаў парадку». Некаторыя творы ўдавалася апублікаваць праз шмат гадоў пасля напісання, а многія так і не былі надрукаваны пры жыцці пісьменніка. Аднак уклад Уладзіміра Караткевіча ў развіццё беларускай літаратуры, абуджэнне гістарычнай памяці народа бясспрэчны. Яго творчасць атрымала шырокае прызнанне чытачоў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website